Змест
- Што гэта за малітва
- Як маліцца на Ружанцы
- Таямніцы Ружанца
- Відэа малітва Св Ружанца з разважаннямі
- Ружанец на польскай і рускай мовах
- Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Мінску, алтары
- Набажэнства першых суботаў месяца
- Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай
Каталіцкі Ружанец як малітва
У старажытнасці быў цудоўны звычай ахвяраваць асабліва годным людзям вянкі, сплеценыя з ружаў. Хрысціяне ўшаноўвалі Пана Езуса, Маці Божую і святых, складаючы ружавыя вянкі на алтар.
Малітва гэта спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Божага Сына і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя таямніцы, балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы прыйшоў з хрысціянскага Усходу, дзе з’явіўся прыкладна ў III ст. Кожная асобная малітва (паклон) адзначалася вузельчыкам на вяроўцы. Праз пяць стагоддзяў ён прыйшоў на Захад, дзе атрымаў лацінскую назву Pater noster (ад першых словаў малітвы Ойча наш, адсюль і беларускія «пацеркі»).
Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканаў Алана дэ Рупэ і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная ў 1481 г. У 1520 г. яна была асвечаная папам Львом X і названая Ружанцам Найсвяцейшай Панны Марыі.
Актуальнасць ружанцовай малітвы для нашага часу падкрэсліў папа Ян Павел II. У 2002 г. Святы Айцец выдаў Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae, у якім запрасіў нанава адкрыць Ружанец і дапоўніў яго новаю часткаю – таямніцамі святла, прысвечанымі публічнай дзейнасці Хрыста.
Ружанец – «вянок ружаў» – нібы з найлепшых кветак сплецены з найдаражэйшых малітваў: Ойча наш, якой навучыў нас сам Пан Езус, і Вітай, Марыя, якою віталі Мадонну Божы пасланец арханёл Габрыэль і святая Альжбета, маці Яна Хрысціцеля.
Ружанцам завецца таксама нітка асаблівым чынам змацаваных пацерак (драўляных, касцяных, бурштынавых і інш.), дзе кожнаю пацеркаю адзначаецца асобная малітва.
Як чытаць Ружанец
Звычайна Ружанец пачынаецца ўступнымі малітвамі, якія гаворацца на крыжыку і пяці першых пацерках. Зрабіўшы знак крыжа і кажучы У імя Айца, гавораць, трымаючы крыжык, Веру ў Бога Айца, затым на першай пацерцы – Ойча наш, на трох наступных – тры Вітай, Марыя і на пятай – Хвала Айцу.
Ружанец складаецца з чатырох частак, у кожную з якіх уваходзяць пяць таямніцаў. У кожнай таямніцы на першай асобнай пацерцы гаворыцца Ойча наш, на дзесяці змацаваных разам пацерках – дзесяць Вітай, Марыя, і на наступнай, асобнай пацерцы – Хвала Айцу і Сыну, а таксама:
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае!
На гэтай жа пацерцы гаворыцца і малітва, якую прасіла дадаваць пасля кожнае дзясяткі Маці Божая падчас свайго аб’яўлення ў Фаціме:
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
На гэтай жа пацерцы гаворыцца таксама і Ойча наш наступнай таямніцы.
Пацеркі, якімі мы карыстаемся, маюць пяць дзясяткаў, падзеленых між сабою пяццю асобнымі пацеркамі. Таму, перабраўшы іх адзін раз, мы можам памаліцца толькі адну частку Ружанца. Каб згаварыць яго цалкам, неабходна перабраць пацеркі чатыры разы.
На пачатку кожнай таямніцы звычайна прыгадваем яе сэнс і разважаем аб жыцці Езуса і Марыі. Разважанне – найважнейшы сэнс Ружанца. Без яго Ружанец падобны да цела без душы. Адгаворваючы Ружанец без разважанняў, мы часта ператвараем яго ў паўтарэнне слоў. Ёсць розныя спосабы разважання таямніцаў Ружанца. Напачатку можна разважаць, дапамагаючы сабе пададзенай ніжэй відеа малітвай. Пазней, глыбей спасцігнуўшы Ружанец, можна абапірацца на ўласныя разважанні.
Гэты вянок малітваў і разважанняў называюць яшчэ «малым Евангеллем», «лесвіцаю ў неба».
Таямніцы (часткі) Святога Ружанца
- Радасныя таямніцы (молімся ў панядзелак і суботу)
- Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
- Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
- Нараджэнне Езуса Хрыста
- Ахвяраванне Хрыста ў святыні
- Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
- Таямніцы святла (молімся ў чацвер)
- Хрост Езуса ў Ярдане
- Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане
- Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
- Перамяненне Езуса на гары Табор
- Устанаўленне Эўхарыстыі
- Балесныя таямніцы (молімся ў аўторак і пятніцу)
- Малітва Езуса ў садзе Аліўным
- Бічаванне Езуса
- Укаранаванне Езуса цернем
- Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
- Укрыжаванне і смерць Езуса
- Хвалебныя таямніцы (молімся ў сераду і нядзелю)
- Уваскрасенне Хрыста
- Унебаўшэсце Хрыста
- Спасланне Духа Святога
- Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
- Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
Відэа малітва з разважаннямі
Радасныя таямніцы Ружанца
Таямніцы святла
Балесныя таямніцы
Хвалебныя таямніцы
Крыніцы:
- тэкст малітвы: Малітоўнік «Ойча наш», 4-е выданне, выпраўленае, выдавецтва «ПРО ХРЫСТО», 2014
- малюнкі: www.catholic.by
- разважанні падрыхтаваў кс. Аляксандр Сямінскі на падставе www.michalici.pl